У магілёўскім Тэатры лялек паказалі спектакль «Пётр I — жыццё і дзеі», у якім расійскі імператар прадстаўлены як выбітны кіраўнік. Пры гэтым у пастаноўцы не згадваецца адзін з ключавых эпізодаў гісторыі самога Магілёва — яго знішчэнне расійскімі войскамі па загадзе Пятра I у 1708 годзе.
Чытайце таксама: «В три зала некому ходить, а они четвертый открыли». Кинотеатру «Беларусь» понадобилось 6 лет, чтобы открыть новый зал
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, спектакль паказвалі ў тым ліку навучэнцам каледжаў. Падлеткаў прывялі арганізавана — у суправаджэнні куратараў.
У апісанні пастаноўкі гледачам прапануецца задумацца, ці стаў Пётр I «выратавальнікам рускага народа» і якія дасягненні атрымала Расія ў час яго праўлення. У тэксце выкарыстоўваецца традыцыйны вобраз «цара-бацюхны», на якога народ нібыта спадзяваўся ў цяжкія часы.

Уплыў палітыкі Пятра 1 на Магілёў
Для самога Магілёва постаць Пятра I звязаная перадусім з разбурэннем. Гэта адбылося падчас Паўночнай вайны (1700–1721), калі тэрыторыя сучаснай Беларусі стала арэнай супрацьстаяння паміж войскамі Пятра I і Карла XII.
У 1708 годзе, калі шведская армія рушыла праз землі Вялікага Княства Літоўскага, расійскі цар загадаў ужываць тактыку «выпаленай зямлі». Яе сутнасць заключалася ў тым, каб знішчаць гарады, харчовыя запасы і інфраструктуру, каб не пакінуць праціўніку ні рэсурсаў, ні магчымасці замацавацца.
У межах гэтай тактыкі расійскія войскі спалілі шэраг гарадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі — у тым ліку Магілёў, Віцебск, Оршу і Дуброўна.
8 верасня 1708 года па загадзе Пятра I Магілёў быў падпалены. Горад моцна пацярпеў ад пажараў: былі знішчаныя жылыя кварталы, склады, рамесныя майстэрні і частка гарадской інфраструктуры. Гісторыкі адзначаюць, што падпалы адбываліся мэтанакіравана — войскі атрымалі загад пакінуць пасля сябе спустошаную тэрыторыю.
Разбурэнні закранулі і рэлігійныя будынкі. Напрыклад, драўляны храм на месцы сучаснага Кафедральны сабор Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава таксама быў знішчаны падчас пажару 1708 года.
Для беларускіх земляў Паўночная вайна стала адной з найбольш разбуральных у гісторыі. Даследчыкі адзначаюць, што насельніцтва тэрыторыі сучаснай Беларусі ў гэты перыяд значна скарацілася з-за баявых дзеянняў, голаду і эпідэмій.
Нягледзячы на гэты гістарычны кантэкст, у магілёўскім тэатры гледачам прапанавалі спектакль, пабудаваны вакол станоўчага вобразу расійскага кіраўніка.
Хто зрабіў пастаноўку
Пастаноўку ажыццявіў расійскі рэжысёр Дзмітрый Ярохін з Азёрска Чэлябінскай вобласці. З ім звязаўся дырэктар тэатра Сяргей Бажкоў, прызначаны на пасаду ў траўні 2023 года. Праца над спектаклем вялася дыстанцыйна, а рэжысёр прыехаў у Магілёў толькі на прэм’еру ў лютым 2024 года.
Пры гэтым сам магілёўскі Тэатр лялек працягвае адчуваць кадравы крызіс — установа шукае галоўнага рэжысёра, галоўнага мастака, рэжысёра-пастаноўшчыка, загадчыка трупай і іншых супрацоўнікаў.
У афішы гэтага года спектакль пра Пятра I быў заяўлены толькі адзін раз — 19 лютага. Паводле сведчанняў відавочцаў, значную частку залы занялі навучэнцы каледжаў, якіх прывялі арганізавана. Суправаджаючыя фатаграфавалі падлеткаў, верагодна для справаздачнасці.
У горадзе, які быў спалены па загадзе Пятра I у 1708 годзе, гледачам прапанавалі спектакль, у якім расійскі імператар прадстаўлены ў вобразе «выратавальніка» — без згадкі пра яго ролю ў разбурэнні самога Магілёва.
Магілёў.медыя нагадвае, што летась маскоўскі тэатр «Собор» таксама паказваў у Магілёве спектакль пра Пятра I, у якім не згадваліся разбурэнні горада і іншыя наступствы палітыкі расійскага цара для мясцовых жыхароў.
Чытайце таксама: «Белая Вежа»: як адна з пастаноўшчыц фестывалю звязана з «расейскім светам»
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: